Андрэй Хадановіч Басё Сяргей Патаранскі Андрэй Антонаў Уладзімер Арлоў Адам Глёбус Максім Клімковіч Максім Танк Уладзімер Сіўчыкаў Уладзімер Сьцяпан Міраслаў Шайбак Віктар Шніп [Беларускі авангард] хоку вершы гасьцёўня пра праект
  
  [Беларускі авангард]
  
  
 
  хоку  
 
   
   
   
   
   
   
   
   
   
   
   
   
   
   
 
[łacinkaj]






 

Басё

                    у перакладзе Алеся Разанава

* * *
Вясна на дварэ.
Толькi дзевяць дзён
палям i пагоркам.



* * *
Сакуры зацьвiлi -
i ночы
мiнулi ў наўкольлi.



* * *
Цягне цыбаты дождж
парасткi ўгору.
Утравянела сьцежка.



* * *
Перад красою кветак
i месяц зьнiякавеў: схаваўся
за аблачынку.



* * *
Спадае вада: вярба
гладзiць нахiленым вецьцем
цiну.



* * *
Вясна адыходзiць:
птушкi смуткуюць, у рыбiн
вочы-сьлязiны.



* * *
Цёхкаюць салаўi!
Тут - перад гэтым гаем,
там - за тою вярбiнай.



* * *
I самага доўгага дня
замала,
каб высьпевацца, жаўруку.



* * *
Ластаўкi, выпадкова
мне ў чарку зь вiном ня ўкiньце
глебы драбок!



* * *
Рассталiся двое сяброў -
двое дзiкiх гусей: мiж iмi
шырэе захмараная мяжа.



* * *
Старая сажалка.
Жабка ў ваду
скокнула: гук усплёску.



* * *
Лётае матылёк
трапятлiвы ў полi -
вось i ўвесь цень.



* * *
О, прачнiся, прачнiся -
зрабiся маiм сябруком,
зьнерухомлены матылёк!



* * *
На кветку, якая не пахне,
сеў матылёк -
вяльможлiвыя прыцуды.



* * *
Блукалец-крумкач, цi знойдзеш
леташняе гняздо?
У квеценi - сьлiвы.



* * *
Разьлi свой водар i тут, ля ўзгорка,
дзе здабываюць зьляжалы торф,
квяцiстая сьлiва.



* * *
Дзяржальна гэтага малатка
калiсьцi было камлём
камелii цi мо - сьлiвы?



* * *
Зрабiлi душою сваёй салаўя
i сьпяць?
Нiцыя вербы.



* * *
Стварайцеся, на мой стары твар
не падобныя вершы!..
Першай сакуры цьвет.



* * *
О, колькi сёньня
прыгадваецца ўсяго: гляджу
на сакуру ў цьвеце.



* * *
I гэтак штогод!
Ападаючы з сакуры, цьвет
кормiць карэньне.



* * *
О, як я зайздрошчу ёй:
у гарах
сакура закрасавала.



* * *
Нават галяндцы, i тыя
прыехалi сакурам дзiвавацца.
На конях - сёдлы.



* * *
На сакуры, што зацьвiлi,
дуб не зьвяртае нiякай увагi:
сам сабе постаць!



* * *
Ах, верабейка-дружа,
ня зьеш авадня: i яго
прывабiлi кветкi.



* * *
Нават славуты вой,
захоплены сакурай, ператварыўся
ў сем простых ваяк.



* * *
Згук звону растаў. Паветра
дыхае водарам.
Вечар.



* * *
Мо для мяне пакiнуў?
Прайшоў журавель, не абскубшы
балотнай пятрушкi.



* * *
Сьпякотлiвы лiпень!
Акрыла хмурынкаю галаву
гара Арасi.



* * *
Летнiя лiўнi!
Вада ў рацэ
зраўнялася з вадаспадам.



* * *
Месяц дажджоў. Схiлiлi
сланечнiкi галаву:
можа, сонца - унiзе?



* * *
Згадаў галiнку сасны -
i ўраз
адчуў прахалоду.



* * *
З вязанкаю сена на сьпiне:
дарожны ўказальнiк
мне той чалавек у стэпе.



* * *
Верхнюю вопратку зьняў
i нясу на сабе - вось i ўсё
зьмены зь зiмы на лета.



* * *
На рысавым полi ўвiшна.
I я вандрую ўвесь век - няйначай,
рыхтую сьвет пад сяўбу.



* * *
Хадземце, сябры, са мною!
Калосьсе будзем жаваць,
спаць на траве пад небам.



* * *
Схапiўся, як за апору,
за колас жытнёвы.
О, ростань!



* * *
Iрысы. Прысесьцi ля iх
i пагутарыць - хiба гэта
таксама не падарожжа?



* * *
Нiякага знаку, што неўзабаве
памерцi мусяць:
сьпевы цыкад.



* * *
Белыя макi!
Здаецца, што расьцвiлi
восеньскiя дажджыны.



* * *
Дажджыць i дажджыць!
Пачарнела
на полi сьвежае ржышча.



* * *
Захад, усход - усюды
аднолькавы смутак.
Восеньскi вецер.



* * *
Зьмяркаецца. Адно голас
дзiкае качкi
бялее ледзь-ледзь над морам.



* * *
Вымавiш слова -
здубеюць губы.
Восеньскi вецер.



* * *
На ссохлым суку крумкач
нанач знайшоў прытулак.
Глухая восень.



* * *
Тады зразумееце мае вершы,
калi заначуеце ў полi
пад сьцюжным ветрам.



* * *
Поўня!
Ёю любуючыся, прахадзiў
наўкола сажалкi ноч.



* * *
У сьцюжы начной на дол
апала гусь у зьнямозе - вось гэтак
начуюць вандроўцы.



* * *
Усё, што нi ёсьць на сьвеце,
пашамацiць i ацiхне -
нiбы чарацiна.



* * *
Дзiкая ружа,
што красавалася ўскрай дарогi,
трапiла ў пашчу майму каню.



* * *
Нiбы ранiцовыя кветкi - манахi:
колькi ўжо iх адцьвiло!
А вера стаiць, як хваiна.



* * *
Гэткiя розныя, а цьвiце
кожная зёлка па-свойму.
Вось гэта i подзьвiг.



* * *
Вада - халадэча.
Нiяк не можа на ёй заснуць
самотная чайка.



* * *
Карэньне цыбулi
адмыта да гэткай чысьцiнi -
аж сьцюжна.



* * *
Можа, пазычыць апратку
у пудзiла - каб заснуць?
Апоўначы шэрань.



* * *
Выпаў на досьвiтку сьнег -
i стрэлкi цыбулi
сталi адзнакамi агароду.


  
  
  [хоку] [вершы] [гасьцёўня] [пра праект] [галоўная] [наверх]  
  
  

  
Hosted by uCoz